Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Экспозиции

Дата: 10 марта 2017 в 13:34, Обновлено 18 апреля в 12:26
Автор: Лось В. М.

https://deniskovichi.schools.by/photoalbum/13543

Музей  знаходзіцца на трэцім  паверсе будынка школы, яго экспазіцыя    займае  плошчу 96,1 кв. м, у ім шэсць залаў: 1. “ Вёска  Дзяніскавічы са  старажытных часоў да 1914 года”; 2.“ Першая  сусветная  вайна і Кастрычніцкая  рэвалюцыя” і “ Вёска пад  уладай  Польшчы (1914 – 1939 гг.)”; 3.“Уз’яднанне з Усходняй Беларуссю ”; 4.“Вёска ў гады Другой сусветнай і Вялікай  Айчыннай войнаў (1939 – 1945 гг.)”; 5. “ Вёска  Дзяніскавічы  ў пасляваенныя  гады”; 6.“ Гісторыя  школы”.

З  кожным  годам  папаўняецца фонд  экспанатаў музея. Так 1 студзеня 2024  года  колькасць экспанатаў  у музеі склала  1127 адзінак, з іх  асноўнага  фонду  - 1079 адзінак, навукова-дапаможнага – 48 адзінак. Самым  старадаўнім экспанатам у музеі з’яўляецца каменная  сякера.

Па кожнаму   тэматычнаму  раздзелу  экспазіцыі  падрыхтаваны і праводзяцца  экскурсіі, пры гэтым  улічваюцца  ўзроставыя  асаблівасці   наведвальнікаў. Экскурсіі праводзяцца  як  для  дарослых, так і для  школьнікаў. У музеі таксама  праводзяцца  розныя  тэматычныя, пазнавальныя і выхаваўчыя  мерапрыемствы.

Пры  ўваходзе ў музей вы адчуеце, што трапілі ў звычайную сялянскую хату канца XIX – пачатку  XX стагоддзяў  - гэта  першая  зала  музеяhttps://deniskovichi.schools.by/photoalbum/13543, у цэнтры  якой размешчаны  кросны, калаўрот, куфар і ўвогуле  прадметы  хатняга ўжытку  сялян  дадзенага гістарычнага перыяду. Экспанаты гэтай  залы  нагадваюць  пра  вясковы  побыт палешукоў, яны  авеяны цеплынёй  вясковай  хаты. Тут, даўно  забытыя  гараджанамі і сучаснымі  вяскоўцамі, бабуліны рэчы  знайшлі свой  заслужаны  адпачынак. Самымі старажытнымі экспанатамі ў першай зале з’яўляюцца каменная сякера і рала з жалезным наканечнікам.

Экскурсавод, які пачынае музейную экскурсію, знаёміць наведвальнікаў з легендай аб назве вёскі. Вядома, што  на тэрыторыі вёскі ў старажытнасці жыло племя дрыгавічоў, якім кіраваў старэйшына па імені День. Пасёлак называлі Дзенін, а пасля прыняцця хрысціянства, усіх, каго звалі Дзень, сталі называць Дзіянісій (пазней Дзяніс), а вёску назвалі Дзяніска. Прайшлі стагоддзі – з Дзяніскі вырасла вялікае сяло Дзяніскавічы.

       Аб далёкім мінулым Дзяніскавіч сведчаць знойдзеныя на тэрыторыі вёскі манеты ў 1961г. Швайка Вольгай, чаканкі польска-літоўскай дзяржавы. Некаторыя з якіх знаходзяцца  ў дадзенай экспазіцыі.

  Вёска Дзяніскавічы ўжо ў ХV-XVI ст.ст. існавала. Калі прагледзець велізарныя лясы, якія акружаюць сяло, то можна угледзець, што няма ні аднаго дрымучага сасновага бору, дзе не заўважылі б слядоў ворыва – загонаў, прычым з усіх бакоў і на  вялікіх плошчах. Гэта была зямля феадала, на якой сяляне здабывалі хлеб памешчыку і сабе.

  У вёсцы налічвалася ў 1861г. 39 сялянскіх дамоў. На адным са стэндаў  экспазіцыі ў першай зале размешчана  самаробная картасхема вёскі, на якой паказаны пабудовы для княжацкай адміністрацыі, што знаходзіліся ў цэнтры вёскі, а  таксама прыгожы дом паляўнічага, у якім ніхто не жыў, а толькі 1-2 разы ў год сюды прыязджаў князь Радзівіл на паляванне са сваімі гасцямі.

  У 1861 годзе адбылося дзяленне тэрыторый на воласці. Спачатку воласць была арганізавана ў вёсцы Дзяніскавічы, а потым перанесена ў вёску Круговічы. Валасным старшынёю працаваў жыхар вёскі Дзяніскавічы Карпеня Ігнат Максімавіч.

  У 1883 годзе ў вёсцы ўпершыню была адкрыта  аднакласная царкоўна-прыхадская школа.

  Князь Радзівіл у 1900 годзе пабудаваў у вёсцы  вялікі лесапільны завод і Дзяніскавічы былі звязаны з Ганцавічамі вузкакалейкай.

У гэтай  зале  праводзяцца  ўрокі гісторыі і  мерапрыемствы, напрыклад “Хатка з матчынай  душою”, “Матулін  ручнік”, “Зорны  шлях хлеба”.

Наведаць першую залу музея можна віртуальна па ссылцы:    https://www.youtube.com/watch?v=fDcjdJtoJf8 

                                        

У другой і трэцяй  залах https://deniskovichi.schools.by/photoalbum/13543 размешчаны  фотаздымкі, рэчы, дакументы, якія  ўзгадваюць  пра  падзеі, што  адбываліся ў вёсцы з 1914  па 1939 гады.  Непадалёку ад нашай  вёскі  праходзіла  лінія фронту ў гады  Першай  сусветнай  вайны, многія  аднавяскоўцы  ваявалі ў складзе  царскай арміі. У перыяд  Кастрычніцкай  рэвалюцыі  ўлада  двойчы  пераходзіла  ад Саветаў да адміністрацыі  магнатаў  Радзівілаў. У снежні 1917 года ў вёсцы быў створаны  рэвалюцыйны  сялянскі камітэт, у склад  якога ўвайшлі  Зялёнка Сільвестр Лявонавіч, які быў старшынёй камітэта, а таксама Долмат Апанас Цімафеевіч, Зялёнка Іван Рыгоравіч, Швайка Ігнат Сямёнавіч, Карпеня Дзмітрый Сямёнавіч, Карпеня Сямён Ігнатавіч. Іх  фотаздымкі знаходзяцца ў другой зале музея. Рэвалюцыйны сялянскі камітэт падпарадкоўваўся Круговіцкаму  валасному  камітэту, першым старшынёй якога быў абраны жыхар вёскі Дзяніскавічы Карпеня Сямён  Ігнатавіч. Вясной  1918 года ў Дзяніскавічы прыбылі немцы, а разам з імі вярнулася  адміністрацыя князя Радзівіла. І толькі ў снежні 1918 г.  усталявалася  Савецкая  ўлада ў Дзяніскавічах. Быў абраны  старшыня  рэвалюцыйнага камітэта Карпеня Сямён  Ігнатавіч. Пасля  савецка-польскай вайны   нашы  Дзяніскавічы ўвайшлі ў склад  Польскай  дзяржавы, як і ўся  Заходняя  Беларусь.  Гэта экпазіцыя  насычана фотаздымкамі  людзей, якія ўваходзілі ў склад рэвалюцыйнага  сялянскага  камітэта. На асобным  стэндзе экспазіцыі ў другой зале музея размешчаны  фотаздымкамі падпольшчыкаў, якія змагаліся пад кіраўніцтвам Кірыла Пракопавіча  Арлоўскага за  ўз’яднанне з Усходняй  Беларуссю. Нашы аднавяскоўцы стварылі ў вёсцы падпольную групу, у якую ўвайшлі Карпеня Фама, Карпеня Антон і яго сын Андрэй, леснікі Зялёнка Ігнат і Берташ Андрэй.

Акрамя фотаздымкаў у гэтай зале знаходзяцца дакументы Берташ Настассі Уласаўны аб  заканчэнні  польскай  школы, што была  адчынена  ў Дзяніскавічах з 1923 па 1939 гг. Тут жа стаіць   драўляны  акучнік, які  быў  прывезены  вучнямі школы ў 2010 г. з былога  сялянскага падворка, з месца раскіданага хляўчука. Вучнямі было ўстаноўлена, што гэтым  акучнікам продкі сям’і Кляўчэняў апрацоўвалі зямлю прыкладна да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.  

Экспазіцыя  трэцяй  залы  звязана з падзеямі, якія  адбываліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі з  1939 года  да пачатку Другой сусветнай вайны.  Юныя экскурсаводы  засяроджваюць  увагу гасцей на фотаздымках першых  жывёлаводаў і трактарыстаў, піянераў і камсамольцаў, расказваючы аб правядзенні ў вёсцы палітыкі калектывізацыі  і беларусізацыі.  Пасля  таго, як восенню 1939 года  адбылося  ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР  ужо ў снежні  гэтага ж  года ў вёсцы Дзяніскавічы была  ўтворана  сельскагаспадарчая   арцель – калгас  імя  Сталіна. Гэта  быў  першы  калгас  у  раёне. Старшынёю стаў Глеб  Рыгор  Фёдаравіч, а намеснікам - Сукач  Макар  Васільевіч. Вясною  1940г.  калгас  узначаліў  камуніст,  былы  піцерскі  рабочы – Мікалай  Мінаевіч  Мінчонак.

У  вёску  прыгналі  тэхніку:  2 калёсныя трактары, 3  гусенічныя, аўтамашыну, сеялкі. Першымі  уласнымі  трактарыстамі  сталі  Зялёнка  Фёдар Рыгоравіч і Цыган  Сяргей  Іванавіч.

У пачатку  чэрвеня  1941г. некалькі  чалавек  жывёлаводаў і паляводаў  адправіліся ў  Маскву на  сельскагаспадарчую  выставу. Сярод  іх  былі Зялёнка  Іван, Швайка Алена, Берташ Настасся, якая загадвала  свінафермай. Яна  была  дэлегатам з’езда  камсамола Беларусі, на якім  яе  выбралі  членам ЦК ЛКСМБ. З  Масквы  гэтыя  людзі  вярталіся  пешшу з  вялікімі  цяжкасцямі, бо  пачалася  вайна.

Пасля  ўз’яднання ў вёсцы  была  адкрыта  сялянская  школа з выкладаннем на роднай  мове. У ёй  займаліся  150  вучняў. Дырэктарам  працаваў  Музычэнка  Міхаіл Іванавіч. У школе  была  створана  піянерская  арганізацыя.  Першымі  піянерамі  былі Сукач Таццяна  Паўлаўна, Берташ Апанас  Уласавіч, Карпеня  Марыя  Сцяпанаўна. Крыху  пазней  стварылі і камсамольскую  арганізацыю, усіх  камсамольцаў у Дзяніскавічах  было больш за 40 чалавек.

Наведаць другую залу музея можна віртуальна па ссылцы:  https://youtu.be/5yoeYJTHSfE 

 Наведаць трэцюю залу музея можна віртуальна па ссылцы:   https://youtu.be/oMgKAJwpnm8                 

    Самай цікавай  залай  для  наведвальнікаў-хлапчукоў (будучых  абаронцаў  Айчыны)  з’яўляецца  чацвёртая  музейная  экспазіцыя https://deniskovichi.schools.by/photoalbum/13543, прысвечаная  перыяду  Вялікай  Айчыннай  і  Другой сусветнай войнаў. Своеасаблівымі “жывымі галасамі” з’яўляюцца рэчы, сабраныя  ў гэтай зале. Гэта і пісьмы-трохвугольнікі з франтоў, і  фотаздымкі салдат-аднавяскоўцаў, і  нямецкія каска, лыжка, вілка, кацялок, гэта і ўспаміны  салдат, што ўдзельнічалі ў вызваленні  Ганцавіцкага  раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта ваенныя  білеты, граматы аб ўзнагароджваннях, рэшткі гадзінніка, былая мармуровая пліта з Брацкай магілы, што заменена на новую.   Прыкладам  самаадданннага служэння  Радзіме  з’яўляецца  жыццё  нашай  зямлячкі -  разведчыцы  Сукач Таццяны  Паўлаўны. Да вайны  яна  вучылася  ў школе, была  атраднай  важатай, уступіла ў камсамол. Калі пачалася  вайна,  Таццяне было  17 гадоў, яна пайшла  ўслед за адступаючымі  часцямі Чырвонай  Арміі, стала санітаркай, была  паранена. Яе падабралі і вылечылі простыя вясковыя людзі. Пасля  выздараўлення  трапіла ў партызанскі атрад імя  Варашылава  Гомельскага злучэння, стала разведчыцай. Да канца вайны  Таццяна  Паўлаўна  мужна змагалася з  ворагам  і была  ўзнагароджана  Ордэнам Чырвонай Зоркі і многімі  медалямі. 

Гэтая экспазіцыя  насычана фотаздымкамі  аднавяскоўцаў, якія змагаліся з ворагам не толькі на франтах, але і на акупіраванай немцамі тэрыторыі. На асобным стэндзе размешчаны фотаздымкі былых падпольшчыкаў.  Ужо ў першыя дні вайны  камсамольцы стварылі на тэрыторыі вёскі падпольную групу, у якую увайшлі Кляўчэня Аляксей, Зялёнка Мікалай, Берташ Апанас, Берташ Васіль, Карпеня Іван , Кляўчэня Сямён, Сукач Дзмітрый, Бруй Мікалай, Зялёнка Іван,Швайка Фядос, Карпеня Іосіф, Карпеня Карп, Валаскевіч Іван, Дзенісеня Аляксей. Ёсць у музеі і звесткі пра былых сувязных партызанскага атрада  імя Дзяржынскага. Адным з іх быў Рулінскі Павел Іванавіч, праз  яго партызаны звязваліся з доктарам Свянціцкім Мечыславам Уладзіслававічам і яго сынам Генрыхам. Доктар Свянціцкі быў фельчарам, але  выконваў  абавязкі доктара, паляк, прыехаў у Дзяніскавічы ў 1920-ыя гады, карыстаўся павагай дзяніскаўцаў. З ганцавіцкай аптэкі ён атрымліваў медыкаменты і тайна перадаваў іх праз сувязных партызанам.  

У 2011 г. вучань 9 класа  Бубніковіч Святаслаў, які зараз служыць ва Узброеных Сілах РБ, перадаў у музей газету “ Красная Звезда” ад 10 мая 1945 года. Гэтую  газету ён знайшоў за шафай у старой бабулінай хаце. Хочацца верыць, што калі дзеці  звяртаюць  увагу на знойдзеныя рэчы і не выкідаюць іх, а з пашанай  прыносяць у школу і перадаюць у музей на захаванне, то з іх вырастуць сапраўдныя  грамадзяне  сваёй  краіны.

У гэтай зале  засяроджваецца  ўвага  наведвальнікаў на тым, што кожны чалавек, незалежна  ад сацыяльнага  становішча, з’яўляецца асобай і павінен годна пражыць сваё жыццё. Юныя экскурсаводы, знаёмячы прысутных з лёсамі загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцаў, фотаздымкі якіх знаходзяцца ў гэтай зале, звяртаюцца да гасцей са  словамі: “ Кожны раз,  успамінаючы іх, мы павінны  схіліць  свае галовы  перад светлай  памяццю нашых продкаў, якія змагаліся за Айчыну, каб мы з вамі змаглі  нарадзіцца і жыць!”

 Наведаць чацвёртую залу музея можна віртуальна па ссылцы:  https://www.youtube.com/watch?v=ZMwSJS0hins                               

Пятая  зала  музейнай  экспазіцыі https://deniskovichi.schools.by/photoalbum/13543 прысвечана  пасляваеннаму аднаўленню і станаўленню  вёскі Дзяніскавічы.  Вёска  амаль  поўнасцю  згарэла ў лютым  1944 г. падчас бою, які  адбыўся  паміж партызанамі і бельгійцамі, што знаходзіліся ў бункеры ў цэнтры вёскі. Бункер быў  пабудаваны  немцамі ў ліпені 1941 г.  для  латышоў, потым  на змену ім прыйшлі  бельгійцы, якія сачылі за  парадкам у акупіраванай немцамі вёсцы.  Аб тым, што на тэрыторыі нашай вёскі знаходзіліся  менавіта  латышы і  затым  бельгійцы,  вучням  школы  расказвалі  многія  аднавяскоўцы, якія жылі ў той суровы  час. На жаль, пісьмовых  зафіксаваных  звестак знайсці  аб гэтым юным краязнаўцам не ўдалося.У 1966  г. на тым  месцы, дзе быў  нямецкі  бункер, быў  пабудаваны  сучасны  будынак  Дзяніскавіцкай  школы.

 Пяць гадоў  спатрэбілася  дзяніскаўцам, каб  аднавіць  разбураную  вайной  вёску і гаспадарку. Спачатку  на тэрыторыі вёскі  былі створана тры  калгасы: калгас імя Чапаева, калгас імя Сталіна, калгас імя Панамарэнкі. 20 студзеня 1949 г. было афіцыйна  аб’яўлена аб  аднаўленні  калгаса ў Дзяніскавічах. У верасні 1950 г. тры  калгасы  былі  аб’яднаны ў  адзін калгас імя І.В. Сталіна. У гэтай зале  музея  размешчаны фотаздымкі і дакументы заслужаных  калгаснікаў, перадавікоў  вытворчасці, тых людзей, якія  добрасумленна працавалі на карысць сваёй радзімы. Сярод  іх Карпеня Еўдакія  Іванаўна, Дзенісеня Даніла Міронавіч, Бруй Кірыл Уласавіч, Карпеня  Фалімон Раманавіч, Швайка Ганна Трафімаўна, Сукач Пётр Рыгоравіч. Засталіся звесткі аб тым, што Сукач Пётр Рыгоравіч, які нарадзіўся ў 1896 годзе, быў ўдзельнікам грамадзянскай вайны, працавў брыгадзірам калгаса  імя  І.В. Сталіна з 1951 па 1954 гады, на працягу 27 гадоў з’яўляўся дэпутатам сельскага Савета, быў выдатнікам сельскай гаспадаркі.  На тэрыторыі вёскі адразу ж пасля  вайны была адчынена  хата-чытальня, у якой працавала Валаскевіч Соф’я Дзям’янаўна. Захаваліся дакументы з хаты-чытальні: план работы на жнівень 1946года і студзень 1947года; справаздача за чэрвень і  лістапад 1946 года.  У сваім расказе экскурсаводы   засяроджваюць  увагу на тым, што ў вёсцы была  хата-чытальня, у якой працавала Валаскевіч  Соф’я  Дзям’янаўна,  і паказваюць   дакументы, якія  захаваліся і знайшлі сваё  месца ў музеі.

Многа можна  гаварыць аб тым, якія  цудоўныя  людзі  жылі і жывуць у нашай  палескай вёсцы. Зараз  у вёсцы  Дзяніскавічы  налічваецца  530 двароў, у якіх пражывае толькі  970 чалавек.  Так, вёска  наша, з такой цікавай і шматграннай  гісторыяй, вымірае. Мала хто з маладых  людзей застаецца  тут на пастаяннае месца жыхарства.

Вялікую цікавасць у наведвальнікаў музея выклікае і апошняя зала экспазіцыі, https://deniskovichi.schools.by/photoalbum/13543у якой расказваецца аб  станаўленні  адукацыі ў Дзяніскавічах.   Першы  настаўнік, прозвішча  якога  ўстанавіць не ўдалося, прыехаў у вёску  ў  1870  годзе. Навучанне  дзяцей  ён  праводзіў  у  паўкурнай  хаце Зялёнкі   Герасіма,  дзе  вучыліся    7  вучняў. Але, на жаль, ён  хутка  выехаў, і звесткі аб настаўніках, якія працавалі пазней, устанавіць не ўдалося. Вядома толькі, што за дарэвалюцыйны  перыяд  сярэднюю  школу  скончылі  4  вучні, двое з якіх    сталі  настаўнікамі. Гэта  Сукач  Лаўрэнцій і Зялёнка Гаўрыіл.

       У 1904 годзе быў  пабудаваны  новы  школьны будынак.   Да  1939  года (за  ўвесь  перыяд  польскага  панавання)   шасцігадовую  адукацыю  атрымалі  каля  70  чалавек.  За  18  гадоў  ніхто  з  жыхароў  вёскі  Дзяніскавічы  не  атрымыў  ні  сярэдняй, ні  спецыяльнай  адукацыі.

У  1939  годзе ў   вёсцы  была  адкрыта  сямігадовая  школа з выкладаннем на роднай мове. У  ёй  змяшчалася  9  класакамплектаў, у якіх  навучаліся  150  вучняў.

Вялікая  Айчынная  вайна  надоўга  спыніла  работу  школы  ў  Дзяніскавічах. Толькі  пасля вызвалення  тэрыторыі  стала  наладжвацца  работа  ў  сямігадовай  школе.   Першы  пасляваенны  выпуск  быў  у 1946  годзе.  Школу  закончылі  12   чалавек, з  іх  3  дзяўчынкі, але з   кожным  годам  павялічвалася  колькасць  вучняў. Неабходны  быў  новы  будынак, які  і  пабудавалі  ў 1947  г.. Дырэктарам  школы з  1  верасня  1944  г.  па  1  верасня  1950  г.  працаваў  Мануленка  Даніла  Маркавіч. З  1962  г.  школа  стала  васьмігадовай.

У  студзені  1966  г.  вучні  перайшлі  займацца  у  новы  прасторны  трохпавярховы  будынак.  З  гэтага  года  школа  стала  дзесяцігадовай. У 1966  годзе  адбыўся  выпуск  10 –х і   11 – х класаў. У  студзені 2016 года  сярэдняй  школе ў Дзяніскавічах споўнілася  50 гадоў. За гэты  перыяд сярэднюю  адукацыю  атрымалі 946 вучняў.  На стэндах у гэтай зале  размешчаны фотаздымкі будынкаў школ розных гадоў, выпускнікоў і цэлых класаў. Тут на паліцах стаяць падручнікі 1950-1970-ых гг., чарнільніцы, сшыткі вучняў, прафсаюзныя білеты настаўнікаў, ганаровыя граматы школы.

Экспазіцыя "Бабулін пакой".

 Сёмая зала музея “Бабулін пакой” была адкрыта ў асобным пакоі да 25-годдзя музея  ў лістападзе 2022 года. Тут размешчаны жалезны ложак з падушкамі, якія ўпрыгожаны вышыванымі посцілкамі і накрыўкамі, шафа з адзеннем 60-80-х гадоў мінулага стагоддзя, дзіцячая драўлялая калыска, радыёла з вінілавымі пласцінкамі, вышываныя дарожкі і карункавыя сурвэткі, самавар, кнігі, крэсла мяккае, чамаданы 1940 – 60-х  гадоў і шмат іншых рэчаў, якія вяртаюць наведвальнікаў старэйшага ўзросту ў дзяцінства.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.