З мэтай вывучэння і захавання гісторыі роднага краю, а таксама адраджэння і зберажэння матэрыяльнай, духоўнай і культурнай спадчыны вёскі ў школе быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей. Работа па стварэнню музея пачалася даўно. Як успамінае былая настаўніца гісторыі Марыя Канстанцінаўна Пупач, якая з’яўлялася першая захавальніца школьнага музея, спачатку пачалі збіраць матэрыялы аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, калі рыхтаваліся адсвяткаваць 25 гадоў Вялікай Перамогі над фашысцкай Германіяй. Кіравала гэтай работай Дамашык Соф’я Мікалаеўна, якая ў 1970 г. працавала арганізатарам пазакласнай работы ў нашай школе, а з 1973 г. на працягу чатырнаццаці гадоў яна шчыравала на пасадзе дырэктара Дзяніскавіцкай сярэдняй школы.
Асновай і цэнтрам усёй работы па стварэнню музея стаў гурток “ Краязнаўчы”, які працаваў з канца 1960-х гадоў і складаўся з вучняў сярэдніх і старэйшых класаў. У ім займалася пастаянна 20-25 дзяцей. А ў кожным класе быў адказны за краязнаўчую работу, і амаль усе вучні школы былі зацікаўлены гурткоўцамі і прымалі актыўны ўдзел у зборы краязнаўчага матэрыялу. Школьнікі хадзілі па вёсцы і гутарылі з жыхарамі-старажыламі, пісалі запросы ў Дзяржаўны архіў Літоўскай ССР і Дзяржаўны архіў БССР, збіралі экспанаты для будучых экспазіцый. Былі сабраны дакументы, фотаздымкі, адзенне, прадметы хатняга ўжытку, посуд, прылады працы, манеты, астаткі ўзбраення ( гільзы, вінтоўкі, каскі), школьныя прыналежнасці ( падручнікі, сшыткі, чарнільніцы). Да пачатку адкрыцця музея было сабрана 485 экспанатаў. Работы было шмат, нярэдка інфармацыя была вельмі супярэчлівай і патрабавала часу для ўдакладнення.
У выніку пошукавай работы былі высветлены цікавыя падзеі з гісторыі вёскі, забытыя імёны аднавяскоўцаў, якія сваім жыццём заслужылі права застацца ў памяці людзей. Напрыклад, Швайка Ігнат Сямёнавіч – падпольнае прозвішча Ленскі, разам з Коржам Васілём, Раманчуком Іванам, Рабцэвічам Аляксандрам складалі кіруючае ядро партызанскага атрада пад кіраўніцтвам Кірылы Пракопавіча Арлоўскага. Толькі гэтыя людзі ведалі пра месца знаходжання груп атрада, распрацоўвалі планы аперацый, непасрэдна кіравалі групамі ў час правядзення баявых аперацый па захопу польскіх гарнізонаў і пастарункаў. Швайка Гаўрыла Васільевіч, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1944 г. здзейсніў подзвіг. Гаўрыла Васільевіч у час Вялікай Айчыннай вайны быў наводчыкам станкавага кулямёта ў 275 палку 117 стралковай дывізіі. Камандзір палка аддаў загад знішчыць нямецкіх снайпераў, што заселі ў шматпавярховым доме ў Берліне. Гаўрыла Васільевіч з групай байцоў адправіўся выконваць загад. Ні адзін з байцоў, якія адправіліся на заданне не прабіліся да гэтага дома, і толькі Гаўрыла Васільевіч не толькі змог уварвацца туды, але яшчэ ўзяў у палон і прывёў да свайго камандзіра палка чатырох палонных немцаў. За мужнасць і адвагу ў баях з фашыстамі на Швайка Гаўрылу Васільевіча яго камандаваннем былі аформлены дакументы на прысваенне яму звання Героя СССР, але сказаліся абставіны ўласнага жыцця:ён быў родам з Заходняй Беларусі, служыў у Польскай Арміі, быў у нямецкім палоне. Таму высокага звання Гаўрыла Васільевіч так і не атрымаў. Ён быў узнагароджаны Ордэнам Славы III ступені № 357110 загадам 117 стралковай дывізіі, Ордэнам Чырвонай Зоркі № 2163027 загадам 117 стралковай дывізіі, Ордэнам Славы II ступені № 23070 загадам 69 Арміі, медалямі «За взятие Варшавы», «За взятие Берлина».
Ужо да 1987 г. было сабрана шмат звестак з гісторыі вёскі і экспанатаў для будучага музея, а ў тым, што музей будзе створаны, работнікі школы не сумняваліся. Стварэннем музея займалася ўжо Пупач Марыя Канстанцінаўна, паколькі ініцыятар і кіраўнік гэтай работы Дамашык Соф’я Мікалаеўна пайшла на пенсію і пераехала на сваю радзіму ў горад Баранавічы. Настаўніца гісторыі працавала непасрэдна з дакументацыяй, матэрыяламі, рэчамі, а ўся арганізацыйная работа выконвалася новым дырэктарам школы – Уладзімірам Міхайлавічам Шахраем. Марыя Канстанцінаўна і Уладзімір Міхайлавіч не адзін раз ездзілі ў Мінск, дзе сустракаліся з работнікамі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і з мастакамі-афарміцелямі.
І вось пасля доўгіх гадоў упартай і цяжкай працы 20 лістапада 1997 года загадам № 201 Аддзела адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама на падставе заключэння раённай камісіі, “Інструкцыі аб парадку стварэння і і адкрыцця музеяў і іх экспазіцый” № 206 ад 18.07.1997 г. і “Палажэння аб школьным гісторыка-краязнаўчым музеі” на базе Дзяніскавіцкай сярэдняй школы адчыніў свае дзверы гісторыка-краязнаўчы музей, экспанаты якога прысвечаны мінуламу і сучаснаму вёскі Дзяніскавічы.
На падставе загаду Міністра Культуры РБ ад 10 красавіка 2019 года гісторыка-краязнаўчаму музею быў прысвоены статус "народны".
У лістападзе 2022 года да 25-годдзя музея ў асобным памяшканні была адкрыта новая экспазіцыя "Бабулін пакой". Гэта зала ўяўляе сабой пакой вясковай хаты1950-1980-ых гадоў.